МАТЭРЫЯЛЫ ДА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАЎ
Практычныя заняткі 1. Класіфікацыя імён уласных у анамастычнай прасторы мастацкага твора. Жанраўтваральная роля паэтонімаў у творах сучасных беларускіх пісьменікаў

Пытанні для самакантролю

  1. Акрэсліце прадмет літаратурнай (паэтычнай) анамастыкі.
  2. Зрабіце агляд даследаванняў беларускіх лінгвістаў у сферы літаратурнай анамастыкі.
  3. Дайце азначэнне тэрмінаў паэтонім, паэтанімікон.
  4. Ахарактарызуйце складнікі эстэтычнай функцыі паэтонімаў у мастацкім тэксце. Пакажыце іх рэалізацыю ў творах беларускіх аўтараў ХХІ ст.
  5. У чым сутнасць класіфікацыі паэтонімаў з улікам іх кантэкстуальнай семантыкі? Прывядзіце прыклады прамагаваркіх, ускоснагаваркіх, схаванагаваркіх паэтонімаў і імён-рэмінісцэнцый у творах беларускіх аўтараў ХХ–ХХІ стст.
  6. Ахарактарызуйце спецыфіку паэтанімікону гістарычнай прозы.
  7. Акрэсліце адметнасць ужывання імёнаў у радзімазнаўчай літаратуры.
  8. Ахарактарызуйце спецыфіку іменаслову аўтабіяграфічнай прозы.
  9. Вызначце спецыфіку іменаслову аўтарскіх казак.
  10. У чым адметнасцт ужывання імёнаў у драматургіі?

 

Практыкаванне 1. Праананалізуйце канатацыі прадстаўленых ў творах Георгія Марчука формаў асабовых імён (поўных (пашпартных), усечаных (скарочаных), эмацыйна-ацэначных). Вызначце спосаб утварэння ўсечаных і эмацыйна-ацэначных формаў.

1. Дзіўна, колькі сябе помніць Сава, ён не чуў, каб яго аднакласніцу называў хто інакш, як Галіна. Мажліва, гэта ішло ад яе зусім не дзіцячай сур’ёзнасці, удумлівых адносінаў да вучобы, яе дабрыні і сціпласці. (“Сава Дым і яго палюбоўніцы”). 2. Васямнаццацігадовая Маня была старэйшая на два гады за сваю сястру Улю, першай адчула нешта нядобрае (“Крык на хутары”). 3. На дубовых колах ля хаты суседкі Сарокі сядзелі хлопцы-сябрукі: Толік Бабёр,  Васько Кіцель, Ванька Гасцюшкін (“Кветкі правінцыі”). 4. Памёр наш Казік. Сорак дзён сёння. Уся вёска, калі хавалі, за труной ішла, плакала. І старыя, і малыя. Вы ведалі яго?  Больш такі музы́ка наўрад ці народзіцца. Ад Бога талент меў (“Вочы і сон”) 5. Кастусю Іванавічу Пузану да пенсіі засталіся лічаныя гады, але ж да гэтага часу мястэчка не перавучыцца, каб не клікаць яго неяк іначай. Як  прычапілася да Пузана з дзяцінства гэтае дзіцяча-пацешнае Косцік, так і не змог ён з гадамі выкарчаваць ці перайначыць яго. І малыя, і старыя клікалі Косцікам, дый годзе. Змірыўся, прызвычаіўся, не злаваўся ні на кога за такое панібрацтва, нават не крывіўся (“Начная рыбалка”) 6. Міналі дні і месяцы, і ахапіла яе нуда, якая з’ела ў вачах рэшту маладога агню. Цётка Еўдакія пасівела і зрабілася бабай Яўдохай (“Яўдоха Шабуня”) 7. Пісала мне сюды, што нарадзіла дзіця, пытала, якое імя хачу даць. Напісаў: Васілёк [“Вочы і сон”]. 8. Было тое ці не было, а можа яно толькі прыснілася  старэнькай і слабой Ірыне Анатольеўне, якую на свой манер Іван Сільвестравіч называў пяшчотна і артыстычна Ірэн (“Год дэманаў”).

Практыкаванне 2.  Са зборніка “У родным слове адгукаецца душа…” М. Пашкевіча (Брэст, 2012) выпішыце формы імён, ужывальныя ў рубельскай гаворцы. Супастаўце гэтыя формы з агульнаўжывальнымі. Акрэсліце фанетычныя і марфалагічныя адрозненні паміж гэтымі формамі.

Практыкаванне 3. Ахарактарызуйце структуру і прагматычную значнасць патронімаў, ужытых у складзе зафіксаваных у гістарычнай прозе берасцейскіх пісьменнікаў старажытных найменняў асоб.

1. Полаччына адкрыта загаварыла пра Васільку Святаславіча (В. Коўтун “Пакліканыя”). 2. А Еўфрасіння ўжо абыходзіла капліцу, якую Глебавічы збудавалі яшчэ ў даўнія леты (В. Коўтун “Пакліканыя”). 3. І калі звярнуцца да тэмы героя свайго часу, дык постаць Льва Іванавіча Сапегі і цяпер з’яўляецца добрым прыкладам служэння народу, захавання мовы і гістарычнай спадчыны (З. Дудзюк “Леў”). 4. Ганна Сапяжанка Радзівіл памерла якраз у той час, калі бацька ваяваў са шведамі (З. Дудзюк “Леў”). 5. Ганна Ягелонка таксама прагнула бачыць на троне свайго любімага пляменніка Жыгімонта Вазу (З. Дудзюк “Леў”). 6. У 1536 годзе Сапега быў зноў уключаны ў склад пасольства, якое ўзначаліў Нікадзім Янавіч Цеханавецкі (З. Дудзюк “Леў”). 7. Самусь рашуча падышоў да вайскоўца, сказаў: “Запішыце мяне. Самусь Антонаў сын Буйніч”. Вайсковец чыкнуў па паперы гусіным пяром, крыкнуў: “Запісаны! Чарку навабранцу!” (З. Дудзюк “Год 1812”). 8. Быў настаўнік, здавалася, свой, мясцовы, з суседняй вёскі – тасама сялянскі сын Тамаш Шпронька. Зразумела, цяпер ён займеў больш паважанае імя: Фама Фаміч Шпранько – з націскам на апошнім складзе. Але некаторыя бацькі называлі яго па-ранейшаму – проста Тамашом Шпронькам. Таму, можа, што настаўнік не адмаўляўся ад традыцыйна простых педагагічных прыёмаў уздзеяння на навучальны працэс: здаралася, ставіў на калені ў кут, круціў за вушы, біў па патыліцы. Часам грозны быў да незвычайнасці, крычаў, наганяючы вялікага страху: “На калені, скаціна!”. Раззлаваўшыся, і на грэчку ставіў, і на соль… Разам з імем Фама Фаміч змяніў і надворны, як казалі прускаўцы, выгляд. Настаўнік насіў форменную фуражку з бліскучай цэшкай, тужурку з гафкамі (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”).

Практыкаванне 4. Акрэсліце прагматычную значнасць формаў “імя+імя па бацьку” або “імя па бацьку” як этыкетных знакаў, ужытых у творах берасцейскіх пісьменнікаў.

  1. – Як я бачу, вы вельмі ўзрадаваны, Юлія Іванаўна. Не думайце, што вас чакае лёгкая гульня ў вайну.

Юлі падабалася, што ён, малады лейтэнант, гаворыць з ёю на “вы”, гаворыць далікатна, як з роўнай сабе або нават яшчэ вышэйшай за сябе, адным словам, паважае яе асобу” (У. Дамашэвіч “Кожны чацвёрты”). 2. Былі мужчыны аднагодкамі, абодвум каціла пад семдзясят, але колішні механізатар Карней Трахімавіч Лясняк так і застаўся Карнеем. А былога настаўніка называлі Платонавічам, і, мусіць, мала хто помніў яго імя. А як інакш можна называць настаўніка? Простаму вясковаму чалавеку найбольш ягонае  імя падыходзіць (З. Дудзюк “Аднарог”). 3. Глеб Іванавіч распісваў у цэрквах алтары, пісаў іконы святых мучанікаў… Ён быў мастак на гарадок і знаў сабе цану, хоць і ніколі сваім талентам не хваліўся… Калі выпадала Глебу Іванавічу ўпрыгожваць дзе-небудзь на вёсцы старую царкву, згаджаўся з вялікай ахвотай і за невялікія грошы  (Г. Марчук “Кветкі правінцыі”) 4. “Не трогайте партию, она здесь ни при чём”, – з інтанацыяй змагара за чысціню партыйных радоў адрэзала аднойчы слухачка падрыхтоўчага аддзялення выкладчыку матэматыкі, інтэлігенту і дабраку, калі той неяк тактоўна заўважыў нашаму камсамольскаму важаку, што грамадская праца не павінна перашкаджаць засваенню элементарных звестак матэматыкі. Збянтэжаны дацэнт сумеўся, змоўк, абвёў вачыма аўдыторыю, нібы шукаючы паратунку, і да гэтага часу Ліну Рыгораўну – адзіны выпадак у гісторыі факультэта – называў па бацьку без малейшага знаку іроніі і доўга тлумачыў кожную яе здавальняючую, часцей за ўсё, адзнаку (М. Сянкевіч “Адлучэнне”). 5. Бабуля Ганна жыла ўспамінамі. Болей за паўвека, з самай вайны, адпрацавала яна ў раддоме. Усе старэйшыя жыхары раённага гарадка ведалі Ганну Мікалаеўну ў твар. Сямідзесяцігадовую жанчыну з вялікай неахвотай праводзілі на пенсію: больш чулай і спагадлівай як да маладых супрацоўнікаў, так і да шчасліва-заклапочаных наведвальнікаў не было за ўсю гісторыю гэтай установы (М. Сянкевіч “Груша”).

Практыкаванне 5. Прачытайце вытрымкі з прозы берасцейскіх аўтараў. Вызначце тыпы прадстаўленых у прыведзеных кантэкстах сямейна-родавых мянушак (андронімы, гінонімы, патронімы, матронімы), акрэсліце спосабы іх словаўтварэння. 

1. Яны з Андрэем ехалі ад Броэль-Плятара пасля знаёмства з Радзівіліхай (В. Коўтун “Крыж міласэрнасці”). 2. Вунь у дубняку відаць тутэйшага прыстава, па мянушцы Вусаціха. У жонкі ягонай пад носам вусікі. Таму і Вусаціха. І ён, прыстаў, Вусаціха, і яна – жанчына, таксама Вусаціха (А. Наварыч “Літоўскі воўк”). 3. Хоць чалавека даўно не было на свеце, яго ўдаву па-ранейшаму называлі Галенай Сымонкавай, мусіць, добры быў чалавек, што і мянушку яму не прыдумалі (З. Дудзюк “Рэінкарнацыя”) 4. Васіліха не без поспеху займалася народным лекаваннем (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 5. Напішыце, як там Ганна Васілішына (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 6. Многія роды ў нашай вёсцы называліся чамусьці па імёнах жанчын, прытым яўна ўніяцка-каталіцкага гучання: былі Тарэсіны, Крысіны, Марысіны і нават Марышчыны. З роду Марышчыных паходзіла мая бабка Зося, а таксама бацька і дзед Лёвы Васілеўскага, майго траюроднага браценіка (У. Калеснік “Доўг памяці”) 7. Бацькаў род называлі Базёнавымі, а хто быў той родапачынальнік Базён – адказаць не мог ніхто ні ў сям’і, ні ў вёсцы. Ніколі не чуў я расказу пра яго жыццё, і сённая, ведаючы прафесійна лінгвістыку, магу толькі здагадвацца, што зыходнае было Васіль, вымаўлялася на ўніяцкі лад Базыль, а памяншальна-ласкальная форма База, сын таго Базы, таксама Васіль, пры памяншэнні называўся ўжо Базёнам… Матчын род называлі Хвелевымі, а хто быў той Хвель – таксама ні сямейнікі, ні вяскоўцы не ведалі. Не ведалі нават імя, ад якога некалі ўтварылася родавая мянушка, на маёй памяці такіх імён у вёсцы ўжо не было. Фелікс – імя каталіцкае ці ўніяцкае, а Сіняўская Слабада ўжо на памяці дзядоў была ўся праваслаўная. Праваслаўны быў і мой дзед па маці Ясь Балабановіч, у якога родавай мянушкай служыла імя нейкага продка Хвеля (У. Калеснік “Доўг памяці”).

Практыкаванне 6. Прачытайце вытрымкі з прозы берасцейскіх аўтараў: кнігі ўспамінаў У. Калесніка “Доўг памяці” і цыкла раманаў У. Гніламёдава “Сямейная хроніка ў стылі барока”.    Вызначце  тэматычныя групы прадстаўленых у прыведзеных кантэкстах індывідуальных мянушак, акрэсліце спосабы іх словаўтварэння. 

1. З выгляду ён нагадваў маладога Пушкіна. Яму і ў педвучылішчы далі мы клічку Пушкін, і яна так да яго прыстала, што нават і імені яго ўжо не сталі ўжываць (У. Калеснік “Доўг памяці”). 2. За ўсцібісты і памаўзлівы характар, гарбаты нос і з’едлівую грымасу на твары Жоржыку Б., майму блізкаму земляку, далі ў гімназіі мянушку Д’ябэлак (У. Калеснік “Доўг памяці”). 3. У іх быў толькі адзін наглядчык за арандаванымі ўгоддзямі – гэта Смешка. Увесь год ён ахоўваў лясы ад браканьераў і сам употай лупіў, што пад руку трапляла. Праўда, рабіў гэта асцярожна і маскіраваў спрытна. Смешка быў чалавек патайны, негаваркі. І празвалі яго так за прыскаленую ўсмешку, што не сыходзіла з твару. Жартавалі, што дзе ён ні йдзе, на каго ні глядзіць, дык усё цэліць, меціць, забіць хоча (У. Калеснік “Доўг памяці”). 4. У інтэрнаце, галодным і халодным, нашы вучнёўскія актывісты збіралі складчыну, набывалі матэрыялы ды наводзілі такі-сякі божы выгляд. Мне даручылі ўзначальваць афармленчыя работы. Мне і прозвішча далі “художнік” з лёгкай рукі Мішы Араб’я (У. Калеснік “Доўг памяці”) 5. Акрамя жабракоў і калек прадметам страху для мяне быў Пэтала-конская смерць. Гэта малы, скалазубы, вечна ўсмешлівы (губы не сыходзіліся ў яго на зубах і таму пакідалі вечную грымаслівую ўсмешку) яўрэй, кожную восень праязджаў праз сяло і збіраў старых або безнадзейна хворых коней і вёў іх біць недзе ў лес, абдзіраў скуры, а тушы пакідаў ваўкам на конскіх могілках. Коней не зусім безнадзейных ён вёў і там, у сябе, крыху трымаў, потым спрабаваў прадаць на конскім рынку ў Міры або забіваў недзе там, каля мястэчка (У. Калеснік “Доўг памяці”) 6. Загінуў тады намеснік Саятэвіча па баявой часці Васіль Пазняк (“Дух пушчы” – меў такую мянушку, бо лесарубам пазнаў усю пушчу, як уласную кішэню) (У. Калеснік “Доўг памяці”) 7. Летам усё было. Старэйшы сын роды прымаў, а маці падказвала, што і як рабіць. Сын разарваў сваю сарочку, загарнуў у яе нованароджаную сястрычку і, бедны, не ведае, што рабіць. Маці аслабла. Ажно чуе – загрукатала па дарозе фурманка. Чалавек убачыў іх, пад’ехаў, забраў усіх траіх і хуценька павёз у вёску. “Гэта, – кажа, – мая знайда”. Так тую дзяўчынку і празвалі – Знайда (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 8. Марка Замагільны (ён сапраўды жыў на хутары за могліцамі), які аднойчы, матлянуўшы падолам сваёй палатнянай сарочкі, вырваў з хаты Масея Галёнкі бервяно і разагнаў ім п’яных, калі тыя ўсчалі паміж сабой бойку. Назаўтра, праўда, Марка падняў хату за вугал і ўставіў бервяно на месца, але падагнаць яго як трэба усё ж не здолеў, і яно крыху выпірала ўбок. Пасля гэтага Масея  і празвалі Касабокім, сапраўднае прозвішча яго было Галёнка (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 9. Сядзельца звалі Навумам, але ў Трахіма была ў яго мянушка “Хе-хе” – з націскам на апошнім складзе па звычцы самога Навума – так звалі карчмара кожны раз дадаваць “хе-хе” да таго, што ён сказаў (У. Гніламёдаў “Расія”). 10. “О! – як бы пахваліў Міхаля Пацей і дастаў з ніжняй шуфляды стала замусоленую цяжкую шклянку, дзьмухнуў у яе, каб там нічога не заставалася, і выліў усё, што было ў кручку. – У мяне, браце, разумовая праца, без чаркі нельга. Ну, будзьма!”. Міхаль кіўнуў галавой і міжвольна пасміхнуўся, успомніўны пісараву мянушку Будзьма. Пацей падняў шклянку, сабраў губы ў трубачку і кульнуў гарэлку ў рот настолькі спраўна, што наведвальнік ажно мусіў быў здзівіцца. Поўная шклянка адразу апусцела да дна (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 11. Фэдар колькі гадоў таму вярнуўся з японскай вайны. Быў паранены, інвалід, кульгаў, атрымліваў пенсію. І мянушку яму далі – Фэдар-японец (У. Гніламёдаў “Расія”). 12. Гамон кожнага году ніяк не мог дачакацца вясны (сям’я галадала) і нецярпліва прыспешваў час: “Ой, людкове, калі ж той май прыйдзе?”. За гэта атрымаў мянушку – Май. Але, калі называлі Маем, крыўдзіўся (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”).

 

Практыкаванне 7. Сучасныя пісьменнікі-берасцейцы плённа працавалі і працуюць у рэчышчы прозы, адрасаванай дзецям і падлеткам. Варта прыгадаць зборнікі  казак і апавяданняў “Галенчыны “Я”, альбо Планета  Цікаўных хлопчыкаў”,  “Дзве аповесці пра Міжпланетнага пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш”, “Казачныя аповесці пра Міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў”, “Казкі астранаўта” і фантастычна-гістарычная аповесць “Казімір, сын Ягайлы, плюс Насця з 8 “Б” раўняецца сэрца, пранізанае стралою”  Р. Баравіковай, зборнік казак  Г. Марчука “Дзікая груша”, аповесць К. Каліны “Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля”, зборнік казак і вершаў Н. Мацяш “Адведзіны лета”. Выпішыце з аднаго з прыгаданых зборнікаў гаваркія онімы. Выдзеліце іх тэматычныя групы. Акрэсліце спосабы словаўтварэння.

Практыкаванне 8. Прачытайце прыведзеныя ўрыўкі з аповесці Анатоля  Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”. Выдзеліце ўласныя імёны. Правядзіце класіфікацыю паэтонімаў 1) з улікам іх дэнататыўнага зместу (тэматычную класіфікацыю), 2) паводле суадносінаў з рэальнай анамастыкай, 3) паводле структуры. Вызначце язычніцкія і хрысціянскія антрапонімы.

1. Добра, – згадзіўся Ягайла, – хай будзе, як паслы просяць, як меншасць вырашыла: да лета 1410 года ад Раства Хрыстова да дня Святога Яна Хрысціцеля будзе ў нас мір з Ордэнам Святой Марыі. 2. А ў горадзе тым свята – Вербная нядзеля. Чыста прыбраныя людзі да царквы пайшлі, святара слухаюць, Бога славяць, галінкі маладой вярбы асвячаюць, песні добрыя пяюць: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень – Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля”. 3. Ягайла ціхмяна маліўся, спяваючы “Багародзіцу”. 4. Шкадуе рыцар сваю шэрую торбу: у ёй хаваў грамату ад былога гаспадара – караля неапалітанскага ды іерусалімскага Ланселота Велікадушнага, напісаную каралю Ягайле. 5. Жыў-княжыў у Пінску слаўны гаспадар Юрый, па мянушцы Нос. 6. Комтур быў са старажытнага роду. Усе мужчыны ў сям’і насілі аднолькавае імя, Генрыхі – бацька, дзед, прадзед і гэтак ажно да Генрыха Чэшскага і Генрыха Рускага, заснавальнікаў роду. Яны атрымалі мянушкі не за тое, што адзін быў чэхам, а другі русінам. Зусім наадварот: адчайна і смела змагаліся продкі Плаўэна супраць славян, прыхоплівалі чужыя землі, на іх замкі свае будавалі, таму і стаў забойца чэхаў звацца Чэшскім, а забойца русаў Рускім. 6. А вось Тэцінгена адолеў не чужы рыцар, а страх за сваю скуру. Меў комтур зычны голас. Калі пабачыў, што справа – швах, тады крычаў сваім воям: “Хэрум!” “Хэрум!” (што значыць “Назад! Назад!) Комтур Тэцінген, хвалько і задзіра, наперадзе ўсіх даваў драпака. (З тае пары яго звалі Рэйтар-Хэрум – Рыцар-Назад.) За ім кулём каціліся рэшткі крыжовага воінства. 7. Прыставіў князь да дачкі выхавацеля – даўгавусага Кіршу Данілавіча, вопытнага ваяра. 8. Але Барташ-капелан паспеў пракрычаць войску: “Мы пераможам!”

Практыкаванне 9. Прачытайце ўрыўкі з кнігі берасцейскай краязнаўцы Валяніцны Рыгораўны Купцовай “Я иду по городу, по знакомой улице...: путешествия по улицам довоенного и современного Бреста” (Брэст, 2008). Выдзеліце з прыведзенага ўрыўка ўласныя імёны. Падзяліце іх на тэматычныя групы. Падрыхтуйце, выкарыстоўваючы матэрыялы гэтай кнігі, паведамленне пра гісторыю іншых мікрараёнаў роднага горада. Акрэсліце этымалогію прадстаўленых у кнізе ўрбанонімаў.

Дуброўка

У пачатку ХХ стагоддзя вёска (зараз гэта адзін з мікрараёнаў Брэста) уваходзіла ў склад Косіцкай воласці Брэсцкага ўезда, з 1940 – у Цюхініцкім, у 1959 – 1979 у Матыкальскім сельсаветах Брэсцкага раёна.

У далёкія часы сярэднявечча Белавежская пушча падыходзіла да самага Берасця і Кобрына. Тапонімы з коранем “дуб” былі аднымі з найбольш распаўсюджаных паселішчаў у славян. Дубровы лічыліся свяшчэннымі, былі звязаны з культам продкаў, месцам, дзе жылі душы. Можа таму у нас трапяткія  адносіны да лесу, да дрэва. Таму не выпадкова на Захадзе нашу краіну называюць зеленавокай – за яе лясныя багацці. У Белавежскай пушчы захаваліся дрэвы, якім звыш за 500 гадоў, у пажэжынскім лесе расце 30-метровы волат – аднагодак Кіеўскай Русі.

У адпаведнасці са звесткамі, якія ў 1840 годзе  атрымаў Гродзенскі губернатар, Брэсту належыць фальварак Казловічы з вёскай Дуброўкай, у якіх знаходзяцца 13 сялянскіх двароў. Пазней Дуброўка ўваходзіла ў сістэму ўмацаванняў Брэст-Літоўскай крэпасці.

Валынка

Валынка – былое прадмесце Берасця, увайшла ў гарадскую рысу яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Гэта было рамесна-гандлёвае пасяленне на гандлёвым шляху з Валыні (адсюль паходзіць яго назва).

Валынка – адно з найстаражытнейшых пасяленняў. Яе заснаванне датуецца ХІІІ стагоддзем, калі Берасце ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства.

Валынь, суседні з Берасцейшчынай рэгіён Украіны, сваёй назвай абавязана надзейнаму памочніку палешука – валу.

Вол – даўні гаспадарчы сімвал Палесся. У якасці цяглавай жывёлы ва ўмовах балот і пяскоў ён быў незамянімы на працягу тысячагоддзяў. Гэтаму палескаму гужавому транспарту ўжо не адна тысяча гадоў. Адна з вуліц даваеннага Брэста насідла назву Валавая сцежка (Воловая тропа) (цяпера вуліца Салтыкова-Шчадрына).

У 1921–1930 гадах, калі Брэст знаходзіўся ў складзе Польшчы, Валынка стала называцца мястэчкам Траўгутава, атрымаўшы імя ў гонар Рамуальда Людвікавіча Траўгута (1826–1864), выхадца з вёскі Шастакова Камянецкага раёна, чалавека трагічнага лёсу. Падчас паўтання 1863–1864 гг. ён стаў адным з найбуйнейшых ваенных кіраўнікоў, а затым кіраўніком нацыянальнага ўрада. З кастрычніка 1863 года урад прысвоіў яму званне генерала і прызначыў сваім прадстаўніком за мяжой. З кастрычніка  Траўгут стаў фактычным кіраўніком паўстання і зрабіў многа, каб надаць руху новыя сілы. Праз пяць месяцаў генерал быў арыштаваны і па прысуду ваенна-палявога суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Лысая Гара

Вёска Лысая Гара ў 1940–1958 гг. знаходзілася ў саставе Рэчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна, у гарадскую рысу ўвайшла 31 мая 1958 года, праз два дзесяцігоддзі – у Ленінскім раёне Брэста. Лысая Гара ўключала вуліцы Белавежскую, Беларускую, Лысую Гару, Цалінную і іншыя. Назва паходзіць ад пасялення на ўзвышаным месцы, цалкам ці часткова пазбаўленым расліннасці. Населеныя пункты з такой назвай нярэдка сустракаюцца ў тапаніміцы Беларусі. Напрыклад, Ласая Гара ў Целяханах. Легенда гаворыць, што ў часы нашэсця на Русь на ўзлеску  быў пахаваны забіты хан. Яго цела знаходзіцца ў кургане, які зараз называецца Лысай Гарой. Хто-ніхто са старажылаў упэўнены, што паводле звычаяў таго часу разам з ханам у зямлю закапалі і скарбы. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыіі Лысая Гара была месцам масавых расстрэлаў берасцейцаў. Уваходзіць у раён Свабоднай эканамічнай зоны, якая жыве сваім асаблівым жыццём.

Вуліца 17 верасня

Вуліца 17 верасня названа ў памяць пра падзеі, якія адбываліся 17 верасня 1939 года. У гэты дзень Чырвоная Армія, перайшоўшы савецка-польскую мяжу, узяла пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі. Забудоўвацца пачала з 1840 года, атрымаўшы назву Тапалёвай. Палякі перайменавалі вуліцу ў гонар класіка яўрэйскай літаратуры Іцхака Лейбуша Пераца (1851–1915), пісьменніка з сусветным іменем. Берасцейка Ганна Глюксман успамінае: “Хто з берасцейскіх яўрэеў не ведаў Тапалёвай, 12? Гэты дом быў як пчаліны вулей – заўсёды тут панавала ажыўленне, людзі наведвалі яго днём і ноччу. Дом быў падобны на старажытны замак, вакол якога з усіхбакоў былі высокія дамы. У ім знаходзілася школа “Хатхія”. Калі гэтую школу перанеслі на Беластоцкую (вул. Савецкіх Пагранічнікаў), гэта месца заняла Арганізацыя Сіянісцкіх рабочых, “Маладыя Сіяністы” і “Хахалюц”, затым сюды ўвайшлі “Агульныя сіяністы”, “Рэваншысты” і іншыя яўрэйскія арганізацыі, якія займаліся выкупам зямлі ў Ізраілі. Хто толькі не быў у гасцях у гэтым доме! Пасол Сейма І. Грыгберг, прафесар Бейтар, выхадзец з Брэста Гольдберг, намеснік прэзідэнта горада доктар Левінсон. Тысячы дзяцей прыходзілі сюды ў дзень пасадкі дрэваў і адтуль выходзілі ў поле з аркестрам і сцягамі”. У гэтым доме бываў таксама выхадзец з Брэста Менахем Вольфавіч Бегін (1913–1992), будучы прэмьер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Яго бацька, чалавек высокаадукаваны, выдатны матэматык, ведаў многа моў і медыцыну, быў сакратаром іўдзейскай суполкі, за што ўтоплены немцамі ў Мухаўцы. Маці Менахіма Хасі Бегін загінула ў гета. Паўднёвая частка горада ўвогуле была іўдзейскім раёнам. Да Тапалёвай-Пераца можна дастасаваць выраз “Вашы вуліцы, нашы дамы”. Да 1939 года гэта была гандлёвая частка горада. Магазіны мелі добрае забнспячэнне. На вуліцы было нямала рэстаранчыкаў. Адзін з іх – “Малка” – быў вядомы выдатнай рыбай па-яўрэйску

 

Практыкаванне 10. Выпішыце паэтонімы  з прыведзеных ўрыўкаў з прыгодніцкай аповесці Алеся Наварыча “Пакланюся Перуну, памалюся Вялесу…”. Правядзіце іх тэматычную класіфікацыю. Параўнайце іх з сучаснымі онімамі, падзяліўшы на гістарыёнімы і археонімы.

  1. Зрэшты, дом і ёсць Харома. Бо гэта родная хата кожнага, кожнаму ў гэтай Хароме прызначаюць і ўстаўляюць у цела душу…Так, Харома твая, але не ты яе стваральнік, дойлід, не ты будаўнік – ёсць і Дойлід, ёсць і Будаўнік. Глядзі, цяпер ужо і не дзень, а надвячорак, іншы час. Вось ужо праз тоненькія галінкі бяроз свецяцца Касцы фіялетава-халодным калючым святлом, міргае Мілавіца…
  2. Перад тым, як пайсці з царквы, спыніліся перад алейнай карцінай, на якой невядомы багамаз выяўвіў Тайную вячэру.

– Што глядзіцё? – прамовіў Павел. – Прадзедаў пазналі?

 – Якія ж яны прадзеды, калі яны ў Палесціне жылі, – скрывіўся Міхась.

     – У Палесціне? – падняў бровы Павел. – А хто маляваў? Наш мастак, тутэйшы. Бачыце, якія твары ў апосталаў? Сапраўдныя славянскія блінцы. Ды ячшэ з балцкімі доўгімі насамі? Адкуль тутэйшы мастак мог бачыць старажытных іудзеяў часоў Ёсіфа Флавія?

Практыкаванне 11. Выпішыце паэтонімы  з прыведзеных урыўкаў са зборніка аўтарскіх казак сучасных беларускіх пісьменнікаў “Зорная Кася”. Выдзеліце тэматычныя разрады онімаў, вызначце тыпы паэтонімаў паводле структуры і паводле суадносінаў з кампанентамі сучаснага анамастыкону.

1. Чорная Панна гэта не хто іншы, як сапраўдная каралева і вялікая княгіня Барбара Радзівіл – каханая жонка караля польскага і князя літоўскага Жігімонта ІІ Аўгуста. Праўда, яна не жыла ў Нясвіжскім замку. У Вільні, колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, сустракалася з Жыгімонтам. А затым яны пераехалі ў сталіцу Польшчы горад Кракаў. Прывід каралевы пасяліўся ў Нясвіжы толькі пасля яе заўчаснай смерці. Там  і блукае па пакоях і лёхах замка, аглядае незлічоныя багацці. Ноччу Чорная Панна спадзяецца сустрэць свайго любага мужа. А Чорнай яе называюць, бо апранута ва ўсё чорнае. Жалобу па мінулым носіць  (А. Бутэвіч). 2. Ка́раля Станіслава Радзівіла называлі яшчэ Пане Каханку за тое, што з гэтым словам ён звяртася да кожнага са сваіх суразмоўцаў (А. Бутэвіч). 3. За ўласныя грошы ў 1563 годзе надрукаваў Радзівілаўскую Біблію ў старажытным Бярэсці ў сваёй друкарні  стараста берасцейскі і канцлер вялікі літоўскі Мікалай Крыштоф Радзівіл Чорны. Радзівілаўская Біблія з’яўляецца найвялікшым паводле аб’ёму і самым цяжкім друкаваным выданнем  ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім (А. Бутэвіч). 4. Спарышка дае спор ва ўсялякай працы. Хто перад працай пакліча яе, таго яна абляціць вакол, і тады праца будзе ісці лёгка і хутка. Яшчэ яе клічуць Спешка” (П. Ляхновіч) 5. Лознікі могуць заблытаць чалавека або жывёлу ў лазе або праваліць у вадзяное акенца. Потым самі дапамагаюць ахвяры выбрацца – падсоўваюць лазіныя дубцы, трыснёг, аер…” (П. Ляхновіч). 6. Цёця, дух лета,  – прадстаўляў Лясун. – Цёця мела выгляд пажылой, мажнай кабеты, прыбранай каласамі жыта, са спелай садавінай і гароднінай у руках (П. Ляхновіч). 7. Хлеўнік жыве ў стайні і любіць начамі ездзіць на кані. Проста па хляве. Конь намагаецца яго скінуць, але Хлеўнік учэпісты яздок. Калі ёсць каровы – ездзіць на каровах (П. Ляхновіч).  

Практыкаванне 12.  Адна з важных функцый дзіцячай літаратуры – адукацыйна-асветніцкая. Творы, адрасаваныя дзецям і падлеткам, назычаны ўласнымі імёнамі розных разрадаў. Нярэдка на старонках твораў раскрываецца ўнутраная форма онімаў і расказваецца гісторыя найважнейшых помнікаў нацыянальнай культуры. Прачытайце ўрывак з казкі Анатоля Бутэвіча “Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў”, у якім расказваецца гісторыя Налібоцкай шклянай гуты і тлумачыцца сэнс эргоніма. Знайдзіце ў зборніку казак сучасных беларускіх аўтараў “Зорная Кася” (Мінк, 2014) і іншых зборніках казак кантэксты, якія прадстаўляюць этымалогію ўласных імёнаў – назваў рэалій старадаўняй культуры, рэалізуючы адукацыйна-асветніцкую функцыю дзіцячай літаратуры.

Радзівілаўская шкляная гута. Якая яна светлая ды прыгожая! Са столі дзясяткі большых і меншых жырандоляў звісае. У іх мо сотні свечак гараць, мігатлівымі светлячкамі адбіваюцца ў бліскучых крышталёвых падвесках і люстэрках. Люстэркі ж такія, што дзіву даешся – усё ў іх адлюстроўваецца мноства разоў і ствараеца ўражанне бясконцасці. Гута  – гэта шкляная майстэрня, альбо, інакш кажучы, мануфактура. Невялікі па сённяшніх мерках заводзік, дзе выраблялі люстэркі, люстры, жырондолі, посуд і шмат-шмат што іншае. Больш за сто назваў шкляных вырабаў асвоілі налібоцкія майстры. Такіх, як на Налібоцкай гуце, ніхто больш не ўмеў рабіць. Вельмі часта майстры аздаблялі свае вырабы незвычайнымі ўзорамі і мясцовымі краявідамі, вершамі, жартоўнымі пажаданнямі, парадамі.

Практыкаванне 13. Прачытайце прыведзеныя ўрыўкі з кнігі У. Арлова “Таямніцы Полацкай гісторыі”. Выдзеліце імёны ўласныя. Зрабіце іх тэматычную класіфікацыю. Выдзеліце ў ліку ўстарэлых онімаў твора гістарыёнімы і археонімы.

У сённяшнім  беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі… Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё-такі беларусы – славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія  латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Дастаткова верагодным выглядае меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыва-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава праяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву – «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы  калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну.

 

Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Чаго я раптам узгадаў гэты міф? З тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд. Шмат паважаных вучоных у ХІХ і ХХ стагоддзях сцвярджалі, што Эрыдан – гэта наша Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў, з якім яны ішлі на ворагаў, – «Рубон!» ) або Рудон, а яшчэ Дзіна або Віна – так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах.

 Практыкаванне 14. Прачытайце ўрыўкі са зборніка Зінаіды Дудзюк “Вяртанне забытага міфа...” (Брэст, 2016). Выдзеліце з прыведзенага ўрыўка ўласныя імёны. Назавіце іх тэматычныя групы. Падрыхтуйце, выкарыстоўваючы матэрыялы    кнігі Васіля Шура  “Беларускія ўласныя імёны : Беларуская антрапаніміка і тапаніміка,  паведамленне пра народную этымалогію беларускіх геаграфічных назваў.

Забытае і праклятае хрысціянамі паганства працягвае сваё незаўважнае жыццё ў звыклых назвах, словах і абрадах беларусаў. Безумоўна, гэта патрабуе асобнага даследавання. Мая задача – не столькі зрабіць лінгвістычныя адкрыцці, колькі абудзіць дапытлівую думку чытача, каб разам адшукаць ісціну.

У розных рэгіёнах Беларусі сустракаюцца назвы з коранем буд-: Буды, Будча, Будно, Будзілава, Будзічы, Буднікі, Будзілкі і г.д. Этымолагі тлумачаць узнікненне гэтага кораню ад слова будка, што азначала будан у лесе, у якім жылі рабочыя, што займаліся вырабам драўніннага вугалю, паташу, курэннем смалы і гонкай дзёгцю. Такое магло быць. Аднак хіба ж ад будкі паходзяь такія назва паселішчаў, як Будзіслова, Будаболь, Будагошча, Будавея, Будслаў? Якім чынам утварыліся такія тапонімы? Слова, якое будзіць. Веянне Буды, якое ратуе ягоных прыхільнікаў. Буда, які госціць…

Калі чытаю геаграфічныя назвы Буда-Кашалёў, Жгуна Буда (Гомельская вобласць), дык уяўляюцца мне старыя брахманы ці будысты са старажытных паселішчаў Кашалёва і Жгунь, якія захоўваюць мудрыя веды, падтрымліваюць агонь у свяцілішчы, берагуць людзей ад бяды і немачы.  Хаця дапускаю, што гэта толькі палёт маёй фантазіі, але назва яскрава паказвае на чалавека-буду з Кашалёва ці Жгуні. Хачу асабліва падкрэсліцьь, што паселішчы Кашалёва і Жгунь існуюць побач  з Буда-Кашалёвам і Жгуна-Будай. Гэтыя супадзенні патрабуюць яшчэ глыбокага даследавання. Я ж стаўлю сваёй мэтай звярнуць увагу на тое, што адкрываецца мне праз інтуіцыю, праз адчуванне на генным узроўні тых ці іншых праяў беларускасці.

Назву раённага цэнтра Карма і вёскі з аднайменнаю назвай у Добрушскім раёне на Гомельшчыне нам прасцей звязваць са знаёмым словам, якое азначае заднюю частку чаўна. Дакладна такое ж слова Карма (толькі з націскам на першым складзе) існуе ў ведычнай міфалогіі і азначае матэрыяльную дзейнасць дзеля асалоды, а таксама вынікі такой дзейнасці. Хто адкажа, ці выпадковае гэтае супадзенне?

Міфалагічны персанаж “Рыгведы” Вішну – адзін з трох галоўных багоў індыйскага пантэону, бог-ахоўнік і стваральнік, які за тры крокі праходзіць Сусвет. Між тым у тапаніміцы Беларусі мне сустрэліся наступныя назвы: Вышамір, Вышкава, Вышэль, Вышчын, Вішне, Вішневічы, Вышні, Вішаў, Вішня, Вешня, Вушэнь, Вышадкі, Вішнараўшчына і шмат іншых

У беларускім слоўніку ёсць слова ўвішны, якое азначае жвавасць і спрытнасць у рухах і дзеяннях. Слова ўвіхацца разумеецца як уменне хутка і спрытна працаваць у іншым (размоўным) значэнні – круціцца вакол чаго-небудзь, неадступна хадзіць.

Звяртае на сябе ўвагу тапанімічная назва Докшыцы. У ведыйскім вучэнні докшыты – гнеўныя багі, якія не прызнаюць будызм. Мусіць, у старажытнасці жылі ў Докшыцах такія ўпартыя людзі, якія лепш ведалі, у што ім верыць і чаму пакланяцца, таму і атрымалі такую назву.

У індыйскай міфалогіі гаворыцца  пра розніцу паміж сомай і сурой. Сома – напой боскі, а сура – грахоўны і хмельны. Бог Індра быў непераможным, але аднойчы яго найлепшы сябар Намучы напаіў яго сомаю, змешанаю з п’янаю сурою, і гэтым пазбавіў героя сілы. Блізняты Ашвіны, багі-лекары, параілі Індры, як вярнуць страчаную сілу. Гэта яго і ўратавала.

Карані слоў сома і сура таксама прачытваюцца ў назвах беларускіх паселішчаў: Соміна, Сурынка, Сурканты, Сурвілішкі, Сурды, Сураў.

 

Практыкаванне 15. Прачытайце ўрывак з кнігі Андрэя Суворава “Брэст. На перакрыжаванні дарог і эпох” (Брэст, 2009). Выдзеліце з прыведзенага ўрыўка ўласныя імёны. Падзяліце іх на тэматычныя групы. Падрыхтуйцет паведамленне пра гісторыю храмаў Вашага горада або вёскі. Акрэсліце этымалогію прадстаўленых у  паведамленні эклезіёнімаў.

Галоўныя будынкі старога горада, якія вызначалі яго нетрывіяльны твар,  падчас будаўніцтва крэпасці зніклі зусім ці “растварыліся” ў новых аб’ектах. Касцёл манастыра спярша перабудавалі ў Фарны, затым у межах разгорнутай уладамі “праваславізацыі” яго зусім знеслі (у 1848 годзе). Былы знесены таксама ўніяцкія цэрквы Спаская, Святога Міхаіла і Святой Троіцы. Былі комплекс іезуітаў быў перабудаваны і прыстасаваны для патрэб Каменданцкага ўпраўлення, Манастыр трынітарыяў (Кобрынскае ўмацаванне) заняла вайскова-рабочая рота, а Манастыр базыліян пасля перабудовы ператварыўся ў артылерыйскія казармы. Манастыр аўгусцінцаў пасля рэканструкцыі стаў Інжынерным упраўленнем. Больш, чым іншым, пашанцавала будынкам комплексу бернардзінцаў і бернардзінак, а таксама Брыгіцкага манастыра. Выдатны бернардзінскі комплекс, размешчаны на Валынскім умацаванні, пасля перапрацоўкі прыняў кадэтаў Аляксандраўскага кадэцкага корпуса, з 1854 года там размясціўся шпіталь. Манастыр манашак-брыгітак увогуле перажыў архітэктурны “патоп”. З будынкаў, якія былі размешчаны за правым рукавом Мухаўца, зрабілі турму – спярша арыштанцкую, затым туды “падсялілі” і следчую частку. За турмой назаўсёды замацавалася народная назва “брыгіткі”. Самы гучны гістарычны лёс сярод пабудоў старога Брэста ў Петрапаўлаўскай царквы. Уніяцкі храм пасля перабудовы ператварыўся ў Белы палац.

Замест знішчаных храмаў старажытнага Брэста вернікам было дазволена пабудаваць некалькі аб’ектаў. За знесеную сінагогу “Брыск дэ Літа”, якая лічылася адной з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых у Еўропе, брэсцкія яўрэі атрымалі 8000 рублёў кампенсацыі. Гэтага не хапіла, каб пабудаваць храм у новым горадзе, давялося збіраць ахвяраванні. У 1851 годзе сінагога пачала будавацца на новым месцы (закончана ў 1861 годзе). У 1856 годзе каталіцкая абшчына, атрымаўшы дазвол,  пабудавала касцёл Узвіжання Святога Крыжа. Першы праваслаўны манументальны храм – Свята-Сімяонаўская царква – адкрыўся ў 1865 годзе, да таго часу праваслаўныя храмы ў новым горадзе былі выключна драўлянымі. Яшчэ адзін выдатны па архітэктурнай задуме праваслаўны храм быў закладзены ў 1851 годзе на тэрыторыі Цытадэлі крэпасці, ён атрымаў назву Мікалаеўскай гарнізоннай царквы.

 

Практыкаванне 16. Прачытайце ўпыўкі з кніг В. Іпатавай “Паміж Масквой і Варшавай (некалькі гістарычных маршрутаў Беларусі)” (Мінск, 1996) і А.Яскевіч “Падзвіжнікі і іх святыні : Духоўная культура старажытнай Беларусі” (Мінск, 2001) пра гісторыю беларускіх цудадзейных абразоў. Выдзеліце  ўжытыя ва ўрыўках уласныя імёны. Правядзіце іх тэматычную класіфікацыю (назавіце антрапонімы, тапонімы, эклезіёнімы, іконімы, бібліёнімы і інш.).

Адам Міцкевіч цяжка хварэў, і, прынесены да абраза Божай Маці Наваградскай, цудоўна выздаравеў. Пра гэты абраз, мабыць, пісаў ён ва ўступе да “Пана Тадэвуша”: “Паненка... што горад замкавы бароніш з верным ягоным людам!” Адзін абраз Божай Маці, які тварыў цуды, захаваўся ў касцёле Праабражэння Гасподняга (як мы казалі, Фарнага, альбо, яшчэ больш дакладна, Вітаўтавай фары). Другі (яму, хутчэй за ўсё, прысвечаны Хваласпеўнай свяцейшай Панне Марыі, “цудамі слыннай у абразе Наваградскім пад аховаю кс. Базыльяна ў вякуючай”) быў уніяцкай святыняй і вывезены, па некаторых меркаваннях, у 1915 годзе падчас адступлення расійскага войска ў глыб Расіі”

(В. Іпатава)

Купяціцкая ікона-крыж Прасвятой Багародзіцы была яўлена ў 1182 годзе на рацэ Ясельдзе, што на Піншчыне. Дзяўчынка Ганна пасвіла статак, неўзабаве яна заўважыла незвычайнае святло. На дрэве вісеў крыж  з выявай на ім аблічча Божай Маці. Жыхары вёскі неўзабаве пабудавалі на месцы з’яўлення цудадзейнага крыжа драўляную царкву, туды ж перанеслі з урачыстым малебнам святыню. У час варожых нашэсцяў Крыж бараніў вяскоўцаў. Атрымлівалі ацаленне ад Купяціцкай святыні хворыя. Не адно здаровае дзіцятка абавязана ёй было сваім з’яўленнем на Свет Божы.

(А. Яскевіч)

 

Практыкаванне 17. Прачытайце прыведзены ўрывак са зборніка эсэ Я. Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля”. Выдзеліце ўласныя імёны. Правядзіце класіфікацыю паэтонімаў 1) з улікам іх дэнататыўнага зместу (тэматычную класіфікацыю), 2)  паводле структуры. Вызначце ўстарэлыя онімы.

У спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА мы самі прапаноўваем уключыць аж 50 аб’ектаў беларускай архітэктуры, сярод якіх – Каложская  (Барысаглебская) царква ХІІ стагоддзя ў Гродне, Сынкавіцкая царква-крэпасць ХV–ХVІ стагоддзяў, руіны Наваградскага ХІV–ХVІ стагоддзяў і Крэўскага ХІV стагоддзя замкаў у Гродзенскай вобласці.

А на карце бацькі картаграфіі Клаўдзія Пталемея (90-168 гг.) Беларусь змешчана ў вялікую прастору паміж Чорным, Балтыйскім і Белым марамі, якая называецца Еўрапейскай Сарматыяй. На яго картах зямлю нашу займаюць у асноўным лясы і рэкі.

Рэкі беларускія – розныя па даўжыні. Свіслач, на якой размешчана сталіца Рэспублікі Беларусь Мінск, адпавядае даўжыні ракі Тэмзы, на якой размешчана сталіца Англіі Лондан. Рака Сена, на якой стаіць Парыж, праўда, на нейкую сотню кіламетраў даўжэйшая за нашу Бярэзіну, але ж Барысаў, горад, які жыве на ёй, хоць ён і не сталіца, добра ведаюць у Англіі.

 

Практыкаванне 18. Выпішыце паэтонімы  з прыведзенага ўрыўка навукова-папулярнага зборніка А. Бутэвіча “Званы Нямігі”. Правядзіце іх тэматычную класіфікацыю. Параўнайце з сучаснымі онімамі, падзяліўшы на гістарыёнімы і археонімы.

 

Існуюць рукапісныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Называюцца яны Кітабы, або аль-Кітабы. Аўтары іх – беларускія татары. Яны звязалі свой лёс  з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім ХІV стагоддзі і цягам шасцісот гадоў годна і дбайна шчыруюць у агульнай супольнасці з беларусамі.

Кітабы – гэта рукапісныя зборнікі рэлігійнага характару. Ёсць нават беларускі Каран, ці, як завуць яго самі татары, Кур’ан.

З’яўленне татар на беларускіх землях звязана з часам княжання у Вялікім Княстве Літоўскім Гедыміна. У 1319 годзе ў час бітвы з Тэўтонскім ордэнам татары склалі ягонае перадавое войска. Але асабліва спрыяльны час настаў пры Вітаўце Вялікім. Ён, шчыры апякун татар, прыхільнік хана Залатой Арды Тахтамыша, запачаткаваў татарскія пасяленні на беларускіх зямлях.

Шмат татарскіх пасяленцаў з’явілася на беларускіх землях пасля паходу ў 1397 годзе Вітаўта на Дон, супраць Азоўскай Арды.

Беларускія татары былі не толькі ваярамі. Яна аралі зямлю, станавіліся рамеснікамі. Месцамі буйнейшых аседлішчаў татар лічацца Іўе, Мір, Навагрудак, Слонім, Ляхавічы, Мядзел.

 

Практыкаванне 19. Выпішыце паэтонімы  з прыведзенага  фрагмента зборніка А. Бутэвіча “Званы Нямігі”. Выдзеліце тэматычныя разрады онімаў, вызначце тыпы паэтонімаў паводле структуры і паводле суадносінаў з кампанентамі сучаснага анамастыкону. Падрыхтуйце паведамленне пра найбольш вядомыя абразы Беларусі.

Адной з найбольш шанаваных хрысціянскіх святынь на Беларусі здаўна лічыцца цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці. Захоўваецца ён ва Успенскім саборы Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра.

Калісьці даўным-даўно на гэтым месцы шумеў дрымучы лес. Як і ўсё наваколле вёскі Жыровічы, што зараз у Слонімскім раёне, належаў ён падскарбію Вялікага Княства Літоўскага Аляксандру Солтану. Аднойчы летнім днём 1470 года мясцовыя праваслаўныя вернікі пасвілі ў лесе кароў. У лясным паўзмроку заўважылі ў галінах грушы-дзічкі дзіўнае святло. На дрэве, у зеленаватым атачэнні, як у шатах, незгасальным святлом праменіўся абраз Божай Маці з ейным сынам  на правай руцэ. Пастухі знялі абраз з дрэва. Ікона была выразана з каштоўнага каменя яшмы. Невялікі абраз  змяшчаўся на далоні рукі, меў авальную форму.

Усцішаныя пастухі аднеслі абраз А. Солтану. Той схаваў яго ў куфэрак. Калі ж на наступны дзень хацеў паказаць рэльефную выяву Багародзіцы гасцям, абраза ў куфэрку не аказалася.

 

Практыкаванне 20. Прачытайце ўрывак  са зборніка А. Бутэвіча “Званы Нямігі”. Выдзеліце з прыведзенага ўрыўка ўласныя імёны. Назавіце іх тэматычныя групы. Падрыхтуйце паведамленне пра пра найбольш вядомы храмы вашага краю. Акрэсліце этымалогію эклезіёнімаў – назваў культавых збудаванняў.

Першая згадка пра Сафійскі сабор звязана з Еўфрасінняй Полацкай, якая стала патронкай зямлі беларускай. У Жыціі прападобнай можна знайсці словы пра беларускую Сафійку. Мяркуецца, што храм створаны ў другой палове ХІ стагоддзя. У той час князем Полацкай зямлі быў Усяслаў Брачыславіч – адзін з самых славутых і знакамітых яе ўладароў, які стаў і героем “Слова пра паход Ігаравы”.

Магутны Рагвалод, заснавальнік полацкай княскай дынастыі, быў прадзедам Усяслава. Знаная далёка за межамі беларускай зямлі Рагнеда – ягоная прабабка. У летапісах засведчана легенда, нібыта Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму ў жыцці яму ва ўсім было спрыянне. Ён набыў неверагодна шырокую ваенную славу, стаў вядомы многімі карыснымі дзеямі дзеля дабра княства. Народ назваў яго Чарадзеем, або Ваўкалакам.

У сярэдзіне ХІ стагоддзя Усяслаў загадаў узнесці над рачным люстэркам храм, які быў бы не менш велічны за Кіеўскі і Наўгародскі, а заадно сведчыў бы пра незалежнасць Полацкага княства і магутнасць самога князя.

Практыкаванне 21. Прачытайце ўрывак з кнігі У. Арлова “Таямніцы Полацкай гісторыі”. Выдзеліце з прыведзенага фрагмента ўласныя імёны. Падзяліце іх на тэматычныя групы. Вызначце іх тыпы паводле  структуры і суадносінаў з сучасным іменасловам.

Якая нацыянальная рэліквія найкаштоўнейшая для беларусаў? Можа, сыгнёт князя Ізяслава, сына Рагнеды, ці пярсцёнак славутага князя Усяслава Чарадзея, пры якім наша старажытная дзяржава – Полацкае княства – дасягнула найвялікшае магутнасці? А можа, рукапіснае Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя ці Біблія Францішка Скарыны? Хтосьці скажа, што гэта – абраз Маці Божай Вастрабрамскай або Маці Божай Жыровіцкай, якім маліліся шматлікія пакаленні беларусаў. А нехта будзе сцвярджаць, што гэта – пячатка правадыра паўстанцаў 1863 года Кастуся Каліноўскага або ўрадавая пячатка Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але ў нашага народа, пэўна ж, ёсць скарб яшчэ больш каштоўны – Крыж, зроблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам для храма Спаса ў Полацку, унікальны помнік беларускага мастацтва. Гэта і хрысціянская рэліквія, бо ў ёй захоўваюцца кроплі крыві Ісуса Хрыста, часцінка ад Божага Крыжа ды іншыя хрысціянскія святыні, прысланыя ў старажытнасці ў Полацак з Канстанцінопаля і Ерусаліма. Але найперш яна бясцэнная для нас таму, што гэта – Крыж нябеснай заступніцы святой Еўфрасінні Полацкай, нашай славутай асветніцы.

У час Другой сусветнай вайны Крыж знік з нашай зямлі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у адну з прыватных калекцый за акіян. Доўгі час пошукамі Крыжа займаліся толькі энтузіясты, цяпер яго вядуць улады Рэспублікі Беларусь і Інтэрпал.

 

Практыкаванне 22. Прачытайце фрагменты з аповесці Ю.І. Крашэўскага “Апошняя са слуцкіх князёў”. Выдзеліце з прыведзеных ўрыўкаў паэтонімы. Падзяліце іх на групы паводле дэнататыўнага зместу, структуры, суадносінаў з сучасным іменасловам. Акрэсліце функцыі паэтонімаў у кантэксце гістарычнай прозы.

Вуліца, што пачыналася ад Езуіцкага калегіума, называлася Свята-Духаўская, вяла да Троцкай брамы. На ёй стаялі толькі палацы магнатаў, таму яна мела яшчэ назву Сенатарская. З правага боку, крыху воддаль у садзе, высіўся палац біскупа, ён стаяў каля Езуіцкіх муроў, а за ім — капліца Святога крыжа. Далей – касцёл Святога Духа, а каля яго дзвярэй — будкі бедных жабракоў. З другога боку стаялі шпіталь Святой Тройцы і  вялікі  палац  Сапегаў.  За ім — іншыя палацы. Калі ж дайсці да вуліц, якія перасякалі Сенатарскую — Нямецкай і Віленскай, то можна ўбачыць касцёл Святой Марыі на пясках, з вялікім кляштарам, а за імі ўглыбіні была Троцкая брама. Тут сядзелі і бралі плату  за ўваход гарадскія стражнікі, з імі лаяліся, а часам нават біліся тыя, хто прыязджаў у горад. Яна нават не выглядала як брама: з невялікімі вежамі, з памяшканнямі на некалькі вокнаў уверсе, але з моцнымі варотамі, набітымі цвікамі. Яна часам зачынялася на ланцуг, як і Зялёны мост.

Мы не далі апісання некаторых частак горада не толькі таму, што  вернемся да  іх у  нашай  аповесці  далей,  але і таму, што ў іх не было нічога асаблівага. Згадаем  хіба што пра Антокальскае  прадмесце, якое  ляжала  за замкам  і было ў той час не дужа заселена і забудавана. З правага боку там выдзяляўся невялікі палац Вяршупскага і ага- рожаны Звярынец, а з левага — некалькі невялікіх  пала- цаў Удалечыні віднеўся невялікі драўляны касцёл Святога Пятра, які толькі крыжам вылучаўся сярод іншых пабудоў, здаваўся хутчэй крамай, чым касцёлам. Ён стаяў на тым самым месцы, што і цяперашні, у цені высокіх старых ліп. За ім бялеў вялікі палац Пацаў, а далей — прыгожыя пала- цы Сапегаў з агароджамі і купкай дробных дамкоў каля  іх. У прадмесці было зусім ціха, спакойна. I наадварот, больш за ўсё крыку і тлуму было каля Троцкай брамы, Рудніцкіх варот і Зялёнага моста. Пры Вострым канцы на гасцінцы, які называўся Медніцкім, было зусім іншае жыццё.  У гэтым месцы жылі пераважна рускія, іх лёгка было адроз- ніць ад усіх іншых па адзенні; тут блукалі сонныя мніхі і чарняцы*, хадзілі купцы з Масквы і Цверы. Іх гасцініца, пра якую мы ўжо ўспаміналі, стаяла нібы на варце непа- далёк  ад  двух  прыгожых  гмахаў  —  царквы  і манастыра.